top of page

Аканне і яканне
У словах іншамоўнага паходжання на канцы трэба пісаць а, а не о, як раней: адажыа, трыа, сальфеджыа, Ватэрлоа, Токіа і г.д.Канцавыя элементы -эр, -эль у словах-запазычаннях прапануецца пісаць праз -ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар, лідар, фламастар, бартар, дэкодар, канвертар, альма-матар, містар, кіндар-сюрпрыз, кратар, шніцаль, шпаталь.

Правіла не распаўсюджваецца на ўласныя імены: Одэр, Юпітэр, Пітэр, Гендэл
 

О, ё на канцы запазычанняў таксама перайшло ў а, я: відэа (а не відэо), аудыя (а не аудыё), мультымедыя (а не мультымедыа), партфоліа (раней два варыянта – партфоліо і партфоліа), радэа (а не радэо). І, напрыклад, уласныя імены: Бакачыа (раней – Бакачыо), Антоніа (раней – Антоніо).

Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе цяпер прапанавана пісаць лічэбнікі праз я – дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць, дзявятка, дзясятка, сямідзясяты. Але: сямідзесяці, семдзесят. Лічэбнік сто ў складаных словах пераўтварыўся ў ста: стадзенны, стагадовы, стакіламетровы, стапудовы, статысячны, стаметроўка і г.д. Раней усе гэтыя словы пісаліся з першай часткай сто, выключэнне было толькі слова стагоддзе.

Толькі э
На канцы запазычаных нязменных слоў пасля зычных (акрамя л, к) прапануецца пісаць э, а не е. Раней назіралася варыянтнасць: правільнымі былі два варыянты, напрыклад, тунель і тунэль, сервіс і сэрвіс. Зараз правільна: тунэль, сэрвіс, рэзюмэ, кафэ, купэ, маянэз, кашнэ, канапэ, макрамэ, мулінэ, камікадзэ. Але: філе, піке.

 

Нью-Ёрк і ёгурт
У пачатку і сярэдзіне слоў-запазычанняў гукавое спалучэнне й + галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: маёр, ёркшырскі, маянэз, ёгурт, Нью-Ёрк, піяр, ёг. Й у пачатку уласных назваў пераходзіць у І: Йена – зараз Іена, Йемен – зараз Іемен.

У нескладовае
Паводле новых правіл ў (у нескладовае) павінна ўжывацца таксама і ў словах іншамоўнага паходжання: дзяржаўны ўніверсітэт, пасля ўнікальнай аперацыі, праменні ўльтрафіялетавыя, саўна, фаўна, паўза, клоўн, джоўль, маўзер, Фаўст, Паўстоўскі. Выключэнні – калі у знаходзіцца на канцы слова, заканчваецца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус. У канцы запазычанняў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, ноу-хау, ток-шоу, Шоу, Ландау.

Без т
Словы баластны, кампостны, кантрастны, якія раней былі выключэннямі з правіла, зараз прапануецца пісаць згодна агульнаму правілу: баласны, кампосны, кантрасны.
Цянь-шанскі і чань-чунскі
Уніфікуецца напісанне прыметнікаў на -ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапануецца пісаць без мяккага знака: чань-чунскі, цянь-шанскі, так, як і астраханскі, любанскі.

Ліквідаваць ці ліквідзіраваць?
Рэгламентавана ўжыванне суфіксаў -ава (-ява)і –ірава (-ырава). Суфікс -ірава (-ырава) ужываецца, калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеяслова з дзеясловам с суфіксам  -ава (-ява): камандзіраваць – камандаваць, будзіраваць – будаваць. У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: акупіраваць – акупаваць, дэмаскіраваць – дэмаскаваць.

Прафкам і Газпрам
Часткі складанаскарочаных слоў прапануецца пісаць так, як у адпаведных поўных словах: прафкам, гаркам, абкам,  Газпрам, галоўурач, інтэрпал, лінкар і г.д.

Вялікая і малая
У адпаведнасці з рэаліямі ўпарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г.д. Напрыклад: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі г.д. У неафіцыйным ужыванні можна напісаць з малой літары – прэзідэнт, міністр, старшыня. Напрыклад: Выступае прэзідэнт суседняй краіны.

3 вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Троіца і г.д.

Таксама з вялікай літары зараз трэба пісаць рэлігійныя святы: Вялікдзень, Вялікі пост, Купалле, Пакровы, Масленіца, Каляды, Чысты чацвер, Сёмуха, Рамадан, а таксама дзяржаўныя святы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Канстытуцыі і г.д. 

Перанос – гэта проста!
Спрошчаны перанос слоў: дазволены свабодны перанос са спалучэннем зычных памiж галоснымi, што поўнасцю ўзгадняецца з сучаснай практыкай выдання друкаванай прадукцыi. Можна пераносiць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка.

bottom of page